Выстаўка Уладзіміра Тоўсціка «МЕЛОДЫІ СВЯТОЧНАГА ГОРАДА»


10 верасня 2025 года ў 18:00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15) адбудзецца адкрыццё персанальнай выстаўкі народнага мастака Беларусі Уладзіміра Тоўсціка «МЕЛОДЫІ СВЯТОЧНАГА ГОРАДА». Выстаўка арганізавана сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь і прымеркавана да Дня горада Мінска – 2025.

Работы Уладзіміра Тоўсціка добра знаёмыя мінскай публіцы: яны ўпрыгожваюць музеі, галерэі і прыватныя зборы калекцыянераў, а таксама сцены Нацыянальнай бібліятэкі, сталічнай ратушы, канцэртнай залы «Верхні горад». Жанравыя гарызонты палотнаў народнага мастака Беларусі распасціраюцца ад партрэтаў і нацюрмортаў да складаных алегарычных кампазіцый. Музыка з'яўляецца лейтматывам творчасці мастака, і гучанне палотнаў можна параўнаць з гучаннем сімфанічнага аркестра: яны заўсёды ўражваюць спалучэннем маштабу і дэталёвасці, а ў адметнай творчай манеры чытаецца перапляценне традыцый: вобразаў Рэнесансу, рамантычнага гістарызму XIX стагоддзя і прыёмаў мадэрністаў, класічнай беларускай школы і наватарскага падыходу.

Адзін з найлепшых прадстаўнікоў сучаснай беларускай школы жывапісу, Уладзімір Тоўсцік перш за ўсё вядомы як майстар партрэта і жанравай кампазіцыі. Жывапісец займаецца пошукам новага партрэтнага канона і ўзбагачае шматвяковы жанр досведам сучаснага мастацтва. У галерэі партрэтаў і сучаснікі, сябры мастака, і тыя, хто аказаў уплыў на яго творчасць: Марк Шагал, Фердынанд Рушчыц, Казімір Малевіч, Леанід Шчамялёў, Валерый Славук… Мастак не проста перадае партрэтнае падабенства – ён спрабуе зразумець і раскрыць унутраны свет героя, стан душы, тое, чым ён жыве і дыхае, і пераносіць свае ўражанні на палатно. Дзеючыя асобы знаходзяцца ў характэрным, персаніфікаваным антуражы, і гэтая прастора ў Уладзіміра Тоўсціка гаворыць не менш, чым самі героі карціны – атрымліваецца цэлае візуальнае эсэ. Мусіць, таму яго партрэты настолькі цікавыя гледачу: іх хочацца разглядаць і разгадваць.

Уражвае праца «Мая акадэмія»: на ёй Уладзімір Тоўсцік увасобіў творчую атмасферу альма-матэр – Акадэміі мастацтваў, дзе ён выкладае амаль што 50 гадоў. У карціне мастак выказывае павагу і любоў да калег і сяброў, з якімі ён працаваў і працуе да сённяшняга дня: Міхаілу Баразне, Анатолю Анікейчыку, Анатолю Бараноўскаму, Гаўрыле Вашчанку, Васілю Шаранговічу і іншым мэтрам.

Душа горада ў творах Уладзіміра Тоўсціка, прысвечаных урбаністычнай тэме, – гэта непаўторны каларыт гісторыі і сучаснасці, у якім спалучаюцца рэальныя падзеі і міражныя ўспаміны, фантазійнасць і тэатралізацыя. Шматпланавыя, практычна калажныя палотны, складзеныя з элементаў пейзажаў, партрэтаў і абстракцый, вельмі праўдападобна перадаюць мімалётнае ўражанне ад прагулкі па горадзе, але варта затрымаць погляд крыху даўжэй – і кідаюцца ў вочы перададзеныя з фатаграфічнай дакладнасцю рысы архітэктурных славутасцей і характараў жыхароў. Усе гэтыя дэталі мірна суіснуюць на палотнах, нават вядуць ціхі павольны дыялог. Паказчык даведзенага да дасканаласці майстэрства – тое, як жывапісец працуе са святлом: перадае блікі на сценах, пробліскі сонца сярод дрэў, змрок, што афарбоўвае памяшканні ў сінія адценні, золата асветленых ліхтарамі гарадскіх вуліц, далікатны блакіт халаднаватага дня.

«Для мяне карціна – гэта апавяданне, якое мае сюжэт. Гэта складанне з дзясяткаў розных фрагментаў, убачаных у розны час, у розных гарадах, іншы раз у такіх, што знаходзяцца за некалькі тысяч кіламетраў адзін ад аднаго. Я стараюся адыходзіць ад фатаграфічнай дакладнасці і працаваць па законах мастацтва. Бо чалавек, купляючы карціну, прыносячы яе дадому, купляе блізкую сабе аўру. Гэта як з абразом: карціна павінна дапамагаць і абараняць», – дзеліцца Уладзімір Тоўсцік.

Уваходны білет:
8,00 руб. – для дарослых;
5,00 руб. – для студэнтаў;
3,00 руб. – для школьнікаў

Час работы:
серада – нядзеля, 11.00–19.00 (каса да 18.30)
пл. Свабоды, 15
+375 17 270 43 66

1176