Музей драўлянай скульптуры разьбяра С. С. Шаўрова

Імя Сямёна Сцяпанавіча Шаўрова, беларускага разьбяра па дрэве, вядома ў нашым горадзе ўсім, хто хоць крыху цікавіцца мастацтвам і народнай творчасцю. Знакаміты аршанскі самадзейны разьбяр па дрэве Сямён Шаўроў — чалавек вялікага таленту. Гэтае азначэнне стала звыклай ацэнкай творчасці вельмі цікавага, яркага, шматграннага майстра…

Але творы для масавага азнаямлення могуць быць даступныя толькі ў музеі, бо кожны з іх з'яўляецца ўнікальным у прамым сэнсе гэтага слова.

І тады Сямён Шаўроў для арганізацыі выстаў дорыць гораду Оршы свой дом па вуліцы Красіна, 26. Так, Музей драўлянай скульптуры разьбяра С. С. Шаўрова — філіял Установы культуры «Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны» быў заснаваны пры жыцці майстра ў яго прыватным доме па рашэнні Аршанскага гарадскога Савета народных дэпутатаў і аддзела культуры Аршанскага гарвыканкама. Прайшло крыху часу, і 25 чэрвеня 1992 года музей прыняў першых сваіх наведвальнікаў. На тэрыторыі музея была пабудавана майстэрня. Менавіта тут Шаўроў працягваў ствараць выявы і перадаваць майстэрства сваім вучням.

Жыццёвы шлях С. С. Шаўрова абарваўся 10 лютага 2000 года, аднак знамянальны ён для гэтага выдатнага разьбяра, народнага майстра Беларусі, у першую чаргу, не многімі пражытымі гадамі, а тымі вялікімі справамі, якія ён паспеў зрабіць.

Спачатку музей налічваў 19 скульптур, перададзеных у дар аўтарам. З гэтых работ была створана экспазіцыя, якая дазволіла меркаваць аб разнастайнасці жанравай тэматыкі твораў, аб наватарскім характары яго творчасці. Арганічна дапоўніў экспазіцыйную структуру другі будынак — будынак майстэрні з кабінетам разьбы па дрэве.

Сёння на тэрыторыі музея С. С. Шаўрова, у цудоўным яблыневым садзе, размясцілася «Казачная паляна» пад адкрытым небам. Тут, сярод казачных персанажаў, ва ўтульнай альтанцы супрацоўнікі музея арганізуюць чароўныя святы: няхай гэта будзе вяселле або дзень нараджэння, або самы яркі Новы год у жыцці наведвальнікаў... Калі прыехаць у «правільны» сезон — можна паласавацца салодкімі сакавітымі яблыкамі з саду майстра Шаўрова. Тут, удалечыні ад пыльных дарог і гарадской мітусні, паслядоўнікі знакамітага разьбяра па-ранейшаму навучаюць гэтаму тонкаму майстэрству вучняў, перадаючы неацэнны досвед народнага майстра Беларусі С. С. Шаўрова.